«Велізарная сцяна вады паднялася з-за гарызонту». Успамінаем самае смяротнае цунамі ў гісторыі — яно здарылася ўсяго 20 гадоў таму
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Амаль 20 гадоў таму, 26 снежня 2004 года, у Індыйскім акіяне адбыўся землятрус, які выклікаў самае страшнае ў гісторыі цунамі: у выніку яго ў Інданезіі, Індыі, Тайландзе, на Шры-Ланцы і ў іншых краінах таго рэгіёна загінула 228 тысяч чалавек. Для кантрасту: самы магутны ў гісторыі чылійскі землятрус прывёў да гібелі ад дзвюх да дзесяці тысяч. Калі казаць пра іншыя страшныя рэйтынгі, то падзеі 2004-га займаюць другое месца сярод землятрусаў па магутнасці і знаходзяцца ў першай пяцёрцы па колькасці ахвяраў. Што тады здарылася? Чым тлумачыцца такая гіганцкая колькасць загінулых? Каму і як удалося выратавацца? Успамінаем тую страшную трагедыю і адказваем на гэтыя пытанні.

Прычыны землятрусу і велізарны тэктанічны разрыў

Чаму наогул адбываюцца землятрусы? Яны залежаць ад размяшчэння і руху тэктанічных пліт, што знаходзяцца ў аснове зямной кары. Пліты рухаюцца — звычайна з хуткасцю некалькі сантыметраў на год. Калі дзве з іх узаемадзейнічаюць (напрыклад, адна «наязджае» на іншую), назапашваецца энергія. У нейкі момант яна даходзіць да крытычнага пункту, парода праз назапашаны ціск раптам разрываецца, і гэтая энергія вызваляецца, як у момант разрыву гумкі. Яна і прыводзіць да ваганняў зямной паверхні — прасцей кажучы, землятрусу.

У нашым выпадку адбылося наступнае. Індыйская пліта мільёны гадоў рухаецца на паўночны ўсход да Бірманскай мікрапліты (тая ёсць часткай буйнейшай Еўразійскай), «выпіхваючы» апошнюю наверх. Наступствы гэтага збліжэння — тэктанічныя разломы, што з’яўляюцца на мяжы паміж гэтымі плітамі.

26 снежня 2004 года прыкладна за 160 км на захад ад паўночнага ўзбярэжжа інданезійскага вострава Суматра ў 07.58 раніцы паводле мясцовага часу здарыўся адзін з такіх разломаў, які за лічаныя хвіліны вызваліў энергію, што назапашвалася, імаверна, каля 200 гадоў. У эпіцэнтры землятрусу Бірманская пліта падскочыла ўверх прыкладна на дзесяць метраў. Уздоўж мяжы паміж дзвюма плітамі з’явілася лінія разлому даўжынёй каля 1200 км, што праходзіла з поўдня на поўнач.

Эпицентр землетрясения (отмечен красныйм квадратом) и афтершоки после него (желтые точки), 26 декабря 2004 года. Изображение: Robin Lacassin (CNRS-IPGP) 2005, ipgp.jussieu.fr, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org
Эпіцэнтр землятрусу (адзначаны чырвоным квадратам) і афтэршокі пасля яго (жоўтыя кропкі), 26 снежня 2004 года. Выява: Robin Lacassin (CNRS-IPGP) 2005, ipgp.jussieu.fr, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org

Як мяркуюць даследчыкі, разрыў распаўсюджваўся з хуткасцю каля 2 км за секунду. Падчас першай фазы, пачаўшыся ля заходняга ўзбярэжжа Суматры, ён рушыў у паўночна-заходнім кірунку і распаўсюдзіўся на адлегласць каля 400 км. Праз 100 секунд разлом яшчэ больш павялічыўся — ён зноў ішоў на поўнач, стаўшы даўжэйшым на некалькі сотняў кіламетраў, пад Андаманскімі (архіпелаг у Індыйскім акіяне паміж Індыяй і М’янмай) і Нікабарскімі астравамі (знаходзяцца на поўдзень ад Андаманскіх).

Сумарна землятрус доўжыўся да дзесяці хвілін. Але сіла ўдару аказалася велізарнай. Для ацэнкі маштабу землятрусу звычайна выкарыстоўваюць два параметры: бальнасць і магнітуду. Першая апісвае інтэнсіўнасць трасення грунту і вызначаецца на аснове суб’ектыўных паказчыкаў: адчуванняў людзей, пашкоджанняў збудаванняў, змяненняў рэльефу. Другая — агульную энергію сейсмічных ваганняў зямной паверхні, яна заснаваная на строгіх фізічна-матэматычных разліках. Як пішуць даследчыкі, можна правесці такую аналогію: бальнасць землятрусу — гэта наўскідку ацэненая сіла выбуху (вызначаная на аснове вонкавых праяваў), а магнітуда — магутнасць выбуховай прылады.

Рэйтынгі землятрусаў звычайна складаюць акурат паводле магнітуды. Першае месца сярод іх займае чылійскі — з магнітудай 9,5.

Адны даследчыкі ацанілі землятрус у Індыйскім акіяне на 9,1 і змясцілі яго ў першай пяцёрцы. Іншыя ж пасля пазнейшых пералікаў заявілі пра 9,3 — у такім выпадку гаворка пра другое месца сярод усіх сусветных землятрусаў за час назірання. Удакладнім, што ў абодвух выпадках гаворка пра падзеі, якія адбыліся ў свеце з 1900 года — ранейшыя падлікі не праводзіліся ці не былі такімі дакладнымі, як сучасныя. З пункту гледжання вылучанай энергіі ўдар быў прыкладна ў дзесяць тысяч разоў магутнейшы, чым выбух ядзернай бомбы, скінутай на Хірасіму ў канцы Другой сусветнай вайны.

І гэта землятрус аказаўся не адзіным. Праз 20 хвілін адбыўся афтэршок (то-бок паўторны штуршок) магнітудай 6,2, яшчэ праз чатыры гадзіны — магнітудай 7,5. Яшчэ дзевяць землятрусаў магутнасцю звыш 6 былі зарэгістраваныя цягам наступных 24 гадзін, і больш за 80 адбыліся да 2 студзеня 2005 года.

30-метровае цунамі і загінулы цягнік

Як мы адзначалі вышэй, у момант землятрусу Бірманская пліта падскочыла. Гэта прывяло да з’яўлення смяротных цунамі. Прычым хвалі з ніжняй траціны зоны землятрусу скіраваліся на паўднёвы захад, з верхняй часткі — на захад. Сваю ролю ў наступных разбурэннях — дакладней, у тым, чаму хвалі набралі такую сілу — адыгралі і іншыя фактары, такія як тапаграфія марскога дна.

Ужо праз 15 хвілін пасля землятрусу хвалі абрынуліся на ўзбярэжжа паўночнай Суматры і Нікабарскіх астравоў. У гэтым рэгіёне былі зафіксаваныя цунамі вышынёй да 30 метраў. Прыкладна праз дзве гадзіны пасля землятрусу хвалі дасягнулі вострава Шры-Ланка, Індыі і Тайланда. Яшчэ праз гадзіну яны дабраліся да Мальдыўскіх астравоў. А вось Бангладэш, размешчаны адносна блізка да эпіцэнтру, практычна не пацярпеў, бо хвалі пайшлі ў іншых напрамках.

Карта времени распространения цунами от землетрясения 26 декабря 2004 года для всего Индийского океана. Изолинии показаны с интервалом в 30 минут. Фото: tsun.sscc.ru
Карта часу распаўсюджвання цунамі (у гадзінах) ад землятрусу 26 снежня 2004 года для ўсяго Індыйскага акіяна. Фота: tsun.sscc.ru

Разбурэнні ў прыбярэжнай зоне былі жудасныя. Прычым часам у лёс людзей умешвалася трагічная выпадковасць. Напрыклад, гаспадары аднаго з гатэляў, размешчанага побач з нацыянальным паркам Яла на Шры-Ланцы, раней знеслі частку натуральнай дзюны на беразе мора, каб атрымаць больш маляўнічыя віды з вокнаў. У выніку гатэль быў разбураны цунамі, а паблізу будынка назіраўся значна вышэйшы ўзровень вады ў параўнанні з суседнімі ўчасткамі.

Сярод першых загінулых аказаліся пасажыры аднаго з цягнікоў, які ехаў праз тэрыторыю Шры-Ланкі. Гэта быў святочны ўікэнд, а таксама дзень поўні, калі будысты ўзносяць асаблівыя штомесячныя малітвы, а людзі едуць наведаць сваякоў. У асноўным чыгунка праходзіла недалёка ад заходняга ўзбярэжжа вострава, часам у межах бачнасці пляжа. Білеты на цягнік купілі 1500 чалавек, яшчэ каля 200 селі на розных прыпынках без білетаў. Удар цунамі перакуліў цягнік. Амаль усе яго пасажыры загінулі. Выжыць удалося толькі двум дзясяткам чалавек. Адзін з іх пазней успамінаў, што, апынуўшыся звонку, убачыў, як «вагон куляецца, нібы цацачны».

Цунами в Таиланде. 26 декабря 2004 года. Фото: David Rydevik, BILD, commons.wikimedia.org
Цунамі ў Тайландзе, 26 снежня 2004 года. Фота: David Rydevik, BILD, commons.wikimedia.org

Важную і трагічную ролю ў трагедыі часта гралі таксама вера і менталітэт насельнікаў рэгіёна. Напрыклад, для жанчын-індусак катэгарычна непрымальна агаляць цела. У адной з фокус-групаў, сфармаваных ужо пасля катастрофы, 10 з 14 выжылых расказалі, што былі вымушаныя зняць адзенне (праз тое, што заблыталіся ў смецці, якое прынесла вада, і пры гэтым ледзь не задыхнуліся) або ўбачылі, што яны голыя, ужо прыйшоўшы ў прытомнасць. «Ім сняцца кашмары, і праз дзесяць гадоў яны ўсё яшчэ адчуваюць сорам і збянтэжанасць ад таго, што іх целы былі голымі», — казаў адзін з даследчыкаў. Жанчын у тым рэгіёне часта знаходзілі мёртвымі на дрэвах ці заблытанымі ў доўгім адзенні — яны не хацелі раздзявацца нават дзеля выратавання жыцця. Патэнцыйнае прыніжэнне было занадта моцным.

Больш чым праз сем гадзін пасля землятрусу цунамі дакацілася да астраўнога Маўрыкія, а таксама ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Праз 12 гадзін пасля землятрусу хвалі вышынёй 1,5 метра дабраліся да ПАР — на самы поўдзень афрыканскага кантынента. «Гэта заняло больш часу, чым мусіла <…>, але затрымка магла быць выкліканая кантынентальным шэльфам, які знаходзіцца паблізу берагавых ліній», — тлумачылі навукоўцы. Хвалі распаўсюджваліся нават у Ціхім акіяне, не выклікаўшы там, праўда, разбурэнняў.

Индонезиец ищет личные вещи среди обломков своего дома на острове Суматра, Индонезия, после цунами, случившегося 26 декабря 2004 года. Фото: By Pfc. Nicholas T. Howes, USMC, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org
Інданезіец шукае асабістыя рэчы сярод абломкаў свайго дома на востраве Суматра, Інданезія, пасля цунамі, што здарылася 26 снежня 2004 года. Фота: By Pfc. Nicholas T. Howes, USMC, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org

Як дзяўчынка выратавала свой пляж, а настаўнік — пасажыраў аўтобуса

Нават падчас страшных трагедый ёсць месца цуду. Сярод людзей, якія выратаваліся ад цунамі, быў швед Монс Сельмерлёў, будучы пераможца «Еўрабачання-2015». Яму было 18 гадоў, ён адпачываў у Тайландзе з сям’ёй. Паводле яго ўспамінаў, бабуля падняла яго з ложка на гадзіну раней, чым звычайна. «Я памятаю, як мама праглядала паштоўкі на стойцы рэгістрацыі і як мы не спяшаючыся збіралі машыну ў дарогу», — казаў ён.

За некалькі хвілін да цунамі Монс і яго сям’я выехалі з гатэля ў горад Кхаўлак. З аўтамабільнага радыёпрымача было чуваць, як вядоўца ўзбуджана гаворыць па-тайску. Дарога была пустая, а ў процілеглым кірунку з велізарнай хуткасцю несліся машыны. Сям’я не ўсведамляла небяспекі. І толькі калі на шашы іх сустрэла вада, яны развярнуліся і паехалі ўгару. «Мы былі на вяршыні пагорка, і я памятаю, як пабег да краю, каб паглядзець, ці змагу я каго-небудзь выратаваць. Людзі крычалі, просячы дапамогі, але яны былі занадта далёка», — успамінаў Монс.

Ликвидация последствий землетрясения и цунами, случившихся 26 декабря 2004 года. Фото: By 최광모, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Ліквідацыя наступстваў землятрусу і цунамі, якія здарыліся 26 снежня 2004 года. Фота: 최광모, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

На адпачынку ў Тайландзе таксама быў папулярны фінскі палітык Саўлі Ніінісцё, у будучыні прэзідэнт краіны (у 2012−2024 гадах). Туды ён прыехаў з двума сынамі ад першага шлюбу і партнёркай, сваёй будучай жонкай (першая жонка палітыка за дзевяць гадоў да гэтага загінула ў ДТЗ). Саўлі разам з адным з сыноў выправіліся на пляж, яго дзяўчына з іншым сынам засталася ў гатэльным нумары.

Паводле словаў Ніінісцё, ён палюбаваўся морам, адышоў ад яго далей, пасля чаго вярнуўся на пляж. «Вось тады я і ўбачыў гэта. Велізарная сцяна вады паднялася з-за гарызонту», — пісаў палітык. Разам з сынам яны адбеглі ад пляжа на адлегласць каля ста метраў і залезлі на бетонны тэлеграфны слуп. Лінула велізарная маса вады, плынь зносіла ўсё — ад мэблі да ствалоў дрэваў. Ніінісцё і яго сын трымаліся за слуп, які разгойдваўся ў розныя бакі. Калі вал схлынуў, бацька і сын некалькі гадзін віселі на слупе і балбаталі адзін з адным. «Гэта так няправільна, думаў я пра [сына] Маціяса, яго жыццё толькі пачынаецца. Для мяне гэта іншая гісторыя: я шмат чаго пабачыў і перажыў. Я быў гатовы памерці», — успамінаў палітык. Ён таксама непакоіўся за дзяўчыну і другога сына. Калі яны памахалі яму рукой з самага высокага балкона гатэля, гэта стала для яго вялікай палёгкай.

Вядомы яшчэ адзін прыклад цудоўнага выратавання. Дзесяцігадовая англічанка Цілі Сміт адпачывала з бацькамі і сямігадовай сястрой на пляжы ў Тайландзе, калі пачалося нешта накшталт прыліву. Пакуль астатнія турысты здзіўлена назіралі за тым, што адбываецца, вада пайшла бурбалкамі, а караблі на гарызонце сталі апантана разгойдвацца ўверх-уніз. Цілі, якая за два тыдні да гэтага вывучала цунамі на ўроках геаграфіі, хутка зразумела, што людзі ў небяспецы. Яна сказала маме, што ім трэба неадкладна ісці з пляжа, і папярэдзіла, што гэта можа быць вялікая хваля, — дзяўчынка толькі што скончыла школьны праект пра гэта. Паводле яе, да прыходу цунамі засталіся лічаныя хвіліны. Яе бацькі папярэдзілі іншых адпачывальнікаў і персанал гатэля, якія хутка эвакуяваліся. Хваля абрынулася праз некалькі хвілін, але дзякуючы школьніцы ніхто на пляжы не загінуў і нават не атрымаў сур’ёзных траўмаў.

Последствия цунами в Индонезии, произошедшего 26 декабря 2004 года. Фото: By Michael L. Bak, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org
Наступствы цунамі ў Інданезіі, што адбылося 26 снежня 2004 года. Фота: By Michael L. Bak, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org

Падобную пільнасць прадэманстраваў і шатландскі настаўнік Джон Кростан, які адпачываў у Тайландзе. Ён быў на пляжы са сваёй дачкой, калі заўважыў, што рыбацкая лодка раптам трапіла на мель — пачаўся рэзкі адліў. Ён сказаў дзяўчынцы, што трэба бегчы на ўзвышша, і кінуўся да жонкі, крычучы: «Цунамі, цунамі». Сям’я заскочыла ў гатэльны аўтобус, які праязджаў міма, і Кростан сказаў кіроўцу-тайцу ехаць на ўзвышша, але кіроўца не разумеў па-англійску. Побач апынуўся хірург з Бангкока, сталіцы краіны. Ён зразумеў, што кажа настаўнік, і сказаў кіроўцу зрабіць менавіта тое, да чаго заклікаў шатландзец. Дарогай Джон папрасіў спыніць аўтобус і выратаваў цяжарную жанчыну, а таксама яшчэ адну мясцовую жыхарку з дзіцем. Дзякуючы гэтаму ўсе гэтыя людзі засталіся жывыя. «Задаюся пытаннем, ці змог бы я папярэдзіць больш людзей на тым пляжы, бо яны ў асноўным стаялі, зачараваныя, амаль загіпнатызаваныя тым, што адбывалася вакол іх. Думаю, мы былі адзінымі, хто ўцёк з пляжа ў той дзень, і гэта да сёння не дае мне спакою», — казаў ён.

Таксама ўдалося выратавацца многім плямёнам, што здаўна жылі на Андаманскіх і Нікабарскіх астравах. Папярэднія землятрусы захаваліся ў фальклоры — так, у паданнях племені онге гаворыцца пра «моцнае трасенне зямлі, за якім рушыла высокая сцяна вады». Таму, адчуўшы штуршкі, усе жыхары перабраліся на ўзвышшы і не пацярпелі.

Страшныя страты і сусветная дапамога

Больш за ўсё ад цунамі пацярпела Інданезія: там налічылі амаль 166 тысяч загінулых. На Шры-Ланцы загінула 35 тысяч, у Індыі — 16 тысяч, у Тайландзе — 8 тысяч. Сотні людзей таксама загінулі ў Афрыцы. У выніку катастрофы страцілі жыццё тысячы замежных падарожнікаў. Напрыклад, паведамлялася, што зніклі без вестак каля 1500 шведаў, 1000 немцаў, 600 італьянцаў, 464 нарвежцы, 219 датчан і 200 фінаў. Ідэнтыфікаваць целы было складана: пасля паводкі і чатырох дзён экстрэмальнай спёкі многія целы, якія дасталі з-пад абломкаў, былі практычна непазнавальныя. Агульная ж колькасць ахвяр склала 228 тысяч.

Погибшие и пострадавшие в результате цунами 26 декабря 2004 года. Изображение: Reuters
Загінулыя і пацярпелыя ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Выява: Reuters

Гэта адназначна самы крывавы землятрус ХХІ стагоддзя. А што да цунамі, то навукоўцы называюць яго самым трагічным у гісторыі чалавецтва. Фармальна на ўзбярэжжа па ўсім зямным шары абвальваліся і вышэйшыя хвалі — паводле іх вышыні падзеі 2004 года знаходзяцца толькі на шостым месцы. Аднак ад цунамі № 1 (Аляска, 1958) загінула пяць чалавек, № 2 (Аляска, 2015) наогул абышлося без ахвяраў, № 3 (Інданезія, 1674) забрала дзве тысячы чалавек, № 4 (Грэнландыя, 2017) — чатыры чалавекі, № 5 (Японія, 2011) — больш за 22 тысячы. Гэта жахлівыя, але ўсё ж непараўнальныя паказчыкі. Рэч у тым, што да пачатку XXI стагоддзя рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі стаў адным з самых густанаселеных на планеце — а яшчэ вельмі папулярным сярод турыстаў дзякуючы сваім казачна прыгожым пляжам. Дзясяткі тысяч чалавек сустрэлі прыліўную хвалю проста на ўзбярэжжы — і шанцаў выратавацца ў іх амаль не было.

Але чаму краіны, пацярпелыя ад цунамі, не падрыхтаваліся да яго? Напрыклад, пасля чылійскага землятрусу, які адбыўся ў 1960-м, у ціхаакіянскіх краінах з’явілася сістэма папярэджання пра цунамі — міжнародная сістэма буёў і станцый маніторынгу ахапіла ўвесь Ціхі акіян. А вось у рэгіёне Індыйскага акіяна такога не было. Толькі ў 2005-м пачала сваю працу нямецка-інданезійская сістэма ранняга апавяшчэння пра цунамі.

Деревня в руинах недалеко от побережья Суматры (Индонезия) в результате цунами. 2 января 2005 года. Фото: U.S. Navy photo by Photographer's Mate 2nd Class Philip A. McDaniel, commons.wikimedia.org
Вёска ў руінах недалёка ад узбярэжжа Суматры (Інданезія), разбураная ў выніку цунамі, 2 студзеня 2005 года. Фота: U.S. Navy photo by Photographer’s Mate 2nd Class Philip A. McDaniel, commons.wikimedia.org

Значнымі аказаліся і эканамічныя наступствы. Паводле падлікаў Нацыянальнага агенцтва геапрасторавай разведкі ЗША, цунамі заходзілі прыкладна на два кіламетры ўглыб мацерыка. Прынамсі, 50 ці 60% мастоў і дарог на тэрыторыі, што прыняла на сябе ўдар, прыйшлі ў непрыдатнасць. «Я спецыялізуюся на ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, і гэта самае буйное з тых, з якімі я калі-кольвек сутыкалася. У мяне няма ніякіх параўнанняў для гэтага выпадку», — расказвала журналістам адна з аналітыкаў агенцтва. Удар марской вады вышынёй у некалькі паверхаў нанёс велізарную шкоду сельскай гаспадарцы затопленых рэгіёнаў, фактычна засеяўшы палі пластом солі і пакінуўшы іх бясплоднымі.

Акрамя таго, у многіх краінах рэгіёна была знішчаная рыбалоўная прамысловасць. Пакуль дабрачынныя арганізацыі дапамагалі замяняць пабітыя судны ці купляць новыя, рыбакі сутыкнуліся з псіхалагічнай дылемай. «Распаўсюджвалася гісторыя пра тое, што рыбы з’елі шмат целаў загінулых, і таму есці рыбу было ўсё роўна што есці плоць уласнага народа, — расказвалі староннія назіральнікі. — Каб змяніць гэты менталітэт, спатрэбілася шмат часу».

Последствия цунами в Индонезии, произошедшего 26 декабря 2004 года. Фото: By USGS, walrus.wr.usgs.gov, commons.wikimedia.org
Наступствы цунамі ў Інданезіі, што адбылося 26 снежня 2004 года. Фота: By USGS, walrus.wr.usgs.gov, commons.wikimedia.org

Пасля катастрофы міжнародная супольнасць вылучыла пацярпелым краінам больш за 14 мільярдаў даляраў дапамогі. Так, прэм’ер-міністр Аўстраліі Джон Говард паабяцаў пералічыць адзін мільярд даляраў цягам пяці гадоў на аднаўленне пацярпелых ад цунамі раёнаў Інданезіі, што, паводле яго, стане «найбуйнейшым аднаразовым унёскам у выглядзе дапамогі, калі-кольвек зробленым краінай».

Найбольш аператыўна дзейнічалі Іспанія, якая адправіла 50 млн еўра, і Вялікабрытанія — 21 млн. Велізарныя сумы былі скіраваныя на перадухіленне патэнцыйнага распаўсюду такіх захворванняў, як халера, дыфтэрыя, дызентэрыя і тыф, якія могуць квітнець ў забруджанай вадзе і ў лагерах бежанцаў. Дзякуючы хуткім дзеянням работнікаў аховы здароўя такія ўспышкі — якія маглі б памножыць і без таго велізарную колькасць смерцяў — былі нязначнымі.

Страшным вынікам гэтай трагедыі стала тое, што сістэма апавяшчэння ў рэгіёне — хай і з нюансамі, бо немагчыма ахапіць усю тэрыторыю, — усё ж запрацавала. А значыць, існуе надзея, што катастрофа такога маштабу не паўторыцца.

Чытайце таксама