Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Чиновники вводят изменения по нашумевшему постановлению по ценам
  2. Трамп прызначыў самую маладую ў гісторыі прэс-сакратарку Белага дома
  3. МЗС Польшчы анансавала «найважнейшыя перамовы» па Украіне ў Варшаве пасля размовы Шольца з Пуціным
  4. У Мінпрацы адказалі на пытанне, ці будуць далей павышаць пенсійны ўзрост
  5. Майк Тайсан прайграў блогеру Джэйку Полу ў баксёрскім паядынку
  6. На границе из-за наличных можно попасть на деньги и заработать даже «уголовку». Что важно знать об этом и что ни в коем случае не делать?
  7. Даляр пабіў чарговы рэкорд. Эканамістка растлумачыла, што адбываецца на валютным рынку
  8. «Есть заведения и даже скверы, которые утыканы прослушкой». Слежкой за беларусами занимается целый департамент — узнали, как он работает
  9. Праваабаронцы: З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе, звязаныя з чаравікамі
  10. Воскресенский назвал фамилии пяти политзаключенных, помилованных 7 ноября
  11. Улады вызначыліся з графікам пераносу працоўных дзён у 2025 годзе
  12. Ці хочуць пацярпелыя ад катаванняў фізічнага ці смяротнага пакарання для сілавікоў? З'явіліся вынікі апытання (адказ нечаканы)
  13. Россия воспользовалась неопределенностью политики США после избрания Трампа, чтобы надавить на Запад. В ISW рассказали, с какой целью
  14. ГУБАЗіК абверг інфармацыю «Нашай Нівы» пра затрыманне мужа сталічнай чыноўніцы Надзеі Лазарэвіч
Читать по-русски


/ Алесь Мінаў,

Прыфрантавы Харкаў застаецца горадам-мільённікам нават на трэці год вайны. Літаральна цяпер баі ідуць менш чым за дваццаць кіламетраў ад акруговай дарогі, а расійскія войскі сістэматычна абстрэльваюць жылыя кварталы. Тым не менш другі памерам горад Украіны працягвае жыць, людзі не толькі ходзяць на працу, але і адпачываюць, вядуць бізнес, займаюцца валанцёрствам і праводзяць пратэсныя акцыі. Адбываецца гэта ўсё на фоне панявечаных будынкаў, перманентнай паветранай пагрозы і імавернага наступу на горад. Харкаўскія кантрасты і рэаліі — у рэпартажы «Люстэрка».

Акция протеста возле здания облсовета. Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Акцыя пратэсту каля будынка абласной рады, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

«Ваш узрост? Правядзенне мабілізацыйнага ўліку»

Білеты на цягнік з Кіева да Харкава набыць за некалькі дзён ужо не так проста: застаецца зусім мала месцаў — і яшчэ тыя ў першым класе, што амаль удвая даражэйшыя. Найбольш бюджэтна можна даехаць прыкладна за 400 грыўняў (амаль 10 даляраў, ці каля 31 беларускага рубля, тут і далей пералік праз даляр паводле курсу Нацбанка). За першы ж клас «Інтэрсіці» трэба аддаць ужо 950 грыўняў (72 рублі), даражэйшае толькі купэ-люкс — 1400 грыўняў (каля 106 рублёў). Але і такія месцы карыстаюцца попытам. Цягнік поўны, ацаніўшы пасажыраў візуальна, можна зразумець, што недзе палова — вайскоўцы. Праваднікі правяраюць не толькі білеты, але і дакументы.

Прыязджаю ў горад а пятай гадзіне раніцы, тут акурат скончылася каменданцкая гадзіна. Хоць сірэны паветранай трывогі не чуваць, бачу ў тэлефонным паведамленні, што яна тут абвешчаная з першай гадзіны ночы і ўсё яшчэ доўжыцца.

Железнодорожный вокзал в Харькове. Украина, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Чыгуначны вакзал у Харкаве. Украіна, ліпень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Пакуль Харкаў толькі прачынаецца, людзей у горадзе практычна няма, а ўсе ўстановы закрытыя, я шпацырую цэнтральнымі вуліцамі, прыглядаюся да фасадаў. У цэнтры практычна няма будынкаў без слядоў абстрэлу: выбітыя вокны недзе закладзеныя фанерай, недзе зацягнутыя плёнкай. На ходніках там-сям выбоіны ад аскепкаў.

Варта адзначыць, што камунальныя службы шмат зрабілі, каб мінімізаваць візуальныя наступствы бамбёжак: зруйнаваныя будынкі агароджаныя платамі, часта завешаныя банерамі ці проста тканінай.

Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

На гадзінніку шэсць раніцы. Я прабыў у горадзе ўсяго гадзіну, але ўжо сустракаюся са з’явай, пра якую яшчэ не раз пачую ад мясцовых — пільнай працай ТЦК (тэрытарыяльны цэнтр камплектавання — структура, якая праводзіць мабілізацыйныя мерапрыемствы).

Я іду бязлюдным ходнікам уздоўж праспекта — і са мной тут жа раўняецца аўтамабіль без ніякіх прыкметаў прыналежнасці да сілавых структур.

Не паспяваю я нават задумацца, як паабапал мяне ўстаюць паліцыянтка і мужчына сярэдніх гадоў у вайсковай форме — супрацоўнік ваенкамата.

— Ваш узрост? — даволі ветліва пытае паліцыянтка, а пачуўшы адказ, просіць дакументы, патлумачыўшы гэта «правядзеннем мабілізацыйнага ўліку». Зразумеўшы, што я не грамадзянін Украіны, прадстаўнікі ўлады страчваюць да мяне цікавасць, зычаць добрага дня і едуць далей.

А я спускаюся ў метро, якое ўжо працуе. Турнікеты тут адключаныя, а збоку сумна стаяць аўтаматы для продажу білетаў: імі не карыстаюцца з самага пачатку поўнамаштабнай вайны, бо метрапалітэн у Харкаве дагэтуль бясплатны. Гэта звязана найперш з яго галоўнай функцыяй — хованкі падчас бамбёжак. Вядома, што і рабіць фотаздымкі строга забаронена — стратэгічны аб’ект.

У цягніку шмат рэкламы, прэвалююць вакансіі: кіроўцаў, грузчыкаў, аўтамеханікаў. Побач з імі — агіткі вайсковых падраздзяленняў з заклікамі «Урывайся ў трэцюю штурмавую» і падобныя. На схеме станцый відаць новая, не выцвілая яшчэ налепка з назвай «Яраслава Мудрага». Яшчэ не так даўно гэта была станцыя «Пушкінская». Хаця нярэдка можна пачуць папрокі ў бок мясцовай улады, што працэсы пазбаўлення ад «імперскага мінулага» ў горадзе ідуць занадта павольна.

Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

«Чаго тут страшнага? Тое ж бадай кожны дзень так»

Выходжу з падземкі на канцавой станцыі «Герояў працы» акурат у пачатку Паўночнай Салтоўкі — мікрараёна, які бадай найбольш пацярпеў ад авіябомбаў яшчэ ў пачатку ўварвання.

Ля спуску ў метро — імправізаваны рынак: жанчыны прадаюць малако, гародніну, зеляніну. Тут на фоне значна лепш чуваць выбухі за мяжой горада, але рэакцыі на іх не бачу.

— Чаго тут страшнага? Тое ж бадай кожны дзень так, — адказвае на маё пытанне адна з прадавачак. — Можа, гэта і нашыя па ворагу даюць, тады нават і прыемна чуць. Калі па нас будуць біць — вы дакладна пачуеце, — усміхаецца жанчына і падае ўзважаны пакет памідораў пакупніку.

Я ж прайшоўся ўсярэдзіну мікрараёна. Тут многія будынкі залатаныя і часткова адноўленыя.

Северная Салтовка, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Паўночная Салтоўка, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Северная Салтовка, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Паўночная Салтоўка, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Северная Салтовка, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Паўночная Салтоўка, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Марына жыве на Салтоўцы ўсё жыццё, цяпер у яе ранішняя прагулка з сабакам — чорным лабрадорам, які ўсё імкнецца пацягнуць сваю гаспадыню далей вуліцай.

— Яшчэ паўтара года таму тут быў зусім іншы пейзаж. Я часам ішла дварамі і плакала, — дзеліцца жанчына. — Ніводнага будынка цэлага не было, усё ў завалах. Потым пакрысе, пакрысе ды прыбралі. І камунальнікі працавалі дзень і ноч, і мы самі выходзілі на суботнікі.

Марына прыгадвае, што ў першыя месяцы вайны абстрэлы раёна былі бесперапыннымі, таму яна амаль паўгода пражыла ў сяброўкі ў іншай частцы горада. Але пасля паспяховага ўкраінскага контрнаступлення сітуацыя стабілізавалася.

— Я калі пабачыла, што мой дом стаіць, што кватэра цэлая, зразумела, што я вярнуся сюды, нягледзячы на суцэльны жах вакол. І не шкадую, цяпер жыццё вяртаецца, шмат суседзяў таксама вярнулася, — адзначае Марына.

Площадь Свободы, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Плошча Свабоды, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Площадь Свободы, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Плошча Свабоды, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Ходзячы завулкамі ў цэнтры жылога масіву, зноў сустракаюся з прадстаўнікамі ваенкамата. Гэтым разам да мяне падбягае малады чалавек у цывільным, на бягу паведамляючы:

— Я з паліцыі, вось пасведчанне, — і падсоўвае мне ледзь не пад нос паліцэйскі жэтон са сталёвым гербам Украіны. Я ўжо быў гатовы паказаць усе фотаздымкі, зробленыя на камеру, думаючы, што пытанне ў іх. Але напарнік-вайсковец, які падаспеў праз паўхвіліны, зноў кажа: вайсковы ўлік.

— А-а-а, Беларусь… Ну, такое нам не цікавае, — уздыхае супрацоўнік.

Вяртаюся ў цэнтр горада. Тут ужо віруе суботняе жыццё: камунальнікі мыюць ходнікі, людзі збіраюцца на тралейбусных прыпынках, адкрываюцца розныя ўстановы. Мне не раз даводзілася чуць ад беларусаў, якія бывалі тут, пра падабенства Харкава і Мінска. І гэта сапраўды так: шырокія праспекты з савецкай забудовай, надзвычай высокая колькасць сметніц, агульная ахайнасць і чысціня падкрэсліваюць паралелі.

Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Мне здаецца, што на вуліцах людна. Але барыста «Аромакавы» Вікторыя кажа, што са сваёй кватэры на 11-м паверсе заўважае менш вокнаў са святлом вечарамі.

— У мяне самой шмат знаёмых з’ехала за апошні час. Пару месяцаў таму толькі і былі размовы пра магчымы новы наступ, дык людзі спалохаліся, — тлумачыць яна. Сама ж кажа, што з’язджаць і не думае. Па-першае, гэта яе родны горад, па-другое, тут уся сям’я, у тым ліку сталыя людзі, якім не да пераездаў.

— У плане абстрэлаў — кепска, вядома. Але на працу хадзіць нястрашна — я ўжо прывыкла. Больш побытавыя праблемы турбуюць. Святло, вада… А так я нахадзілася пад абстрэламі. Вось цяпер абвясцілі трывогу, але ж мы не будзем цэлы дзень у падвале сядзець. Калі пачынаюцца выбухі непасрэдна ў горадзе, я проста спускаюся ў метро, закрываюся і ўсё. Галоўнае своечасова адрэагаваць, — тлумачыць Вікторыя. Пытанні пра чаканні ад будучыні і перспектывы выклікаюць у дзяўчыны смех:

— Я нават не думаю пра такое, жыву цяперашнім, а не будучыняй. Вось зарплата прыйдзе на картку — ужо радасць.

«На жаль, нашая ўлада несумленная»

На цэнтральнай плошчы непадалёк месціцца будынак Харкаўскай абласной рады, які быў моцна пашкоджаны ў першыя дні вайны. Пасля рэстаўрацыйных работ ён выглядае значна лепш, але ўсё яшчэ не функцыянуе. Здалёк чуваць хаатычныя сігналы аўтамабілістаў, якія моцна нагадваюць спантанныя акцыі ў Беларусі ў 2020 годзе. Падышоўшы бліжэй, бачу прычыну: на прыступках будынка рады стаіць каля дзесяці актывістаў з плакатамі.

Акция протеста возле здания облсовета, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Акцыя пратэсту каля будынка абласной рады, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Кацярыне 37 гадоў. Яна размясцілася ля самай дарогі, забіраючы ўвагу аўтамабілістаў.

— Гэта ўжо не ведаю якая акцыя «Грошы на УСУ» (акцыя праходзіць у Харкаве штосуботы з кастрычніка мінулага года. — Заўв. рэд.), — тлумачыць жанчына. — Мы намагаемся данесці да мясцовай улады, што гораду не трэба даваць такія вялікія грошы на кветкі, на плот на Гагарына, на непатрэбныя падчас вайны рэчы. Кожны з нас цяпер валанцёр, кожны збірае на дроны, на аўто, на турнікеты, нават цяпер збіраем на вогнетушыцелі. Няўжо немагчыма даць на гэта сродкі з гарадскога бюджэту?! Вельмі б хацелася, каб гэтыя акцыі мелі ўплыў. На жаль, нашая ўлада несумленная. Яны бачаць нас, адпраўляюць паліцыю, фатаграфуюць плакаты. Ведаюць, але рэакцыі няма.

Катерина держит плакат «Дроны, а не цветы», Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Кацярына трымае плакат «Дроны, а не кветкі», Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Жанчына кажа, што на сабе ціску з боку ўлады не зазнавала, хоць выходзіць на пратэст штотыдзень.

— Але на іншых, ведаю, ціснуць, асабліва на хлопцаў: прыходзяць, правяраюць дакументы… — гаворыць яна.

Кацярына дадае, што яе апроч вайскоўцаў натхняюць людзі, якія нягледзячы ні на што працягваюць змагацца з карупцыяй, не баяцца крытыкаваць уладу. У той жа час, падкрэслівае жанчына, многія намагаюцца абстрагавацца, не заўважаць праблемаў:

— Вось тут, напрыклад, насупраць знішчанай адміністрацыі, у будынку з выбітымі вокнамі адкрыўся недзе год таму бар: увечары тусуецца моладзь. Я разумею, што ім трэба камунікаваць, адпачываць, кахаць. Гэта такі кантраст, якога ў Харкаве шмат.

Дазнаўшыся падчас нашай размовы, што я з Беларусі, Кацярына на развітанне гукае: «Жыве Беларусь!»

Незадаволенасць удзельнікаў акцыі можна зразумець: маштаб гарадскіх упрыгожванняў у Харкаве сапраўды ўражвае. Усе цэнтральныя вуліцы вельмі шчодра аздобленыя ўкраінскімі сцягамі, сацыяльнай рэкламай. Усяго хвілін за дзесяць хады ад абласной рады месціцца парк Тараса Шаўчэнкі, засаджаны кампазіцыямі кветак і разнастайнымі клумбамі.

Памятник Тарасу Шевченко, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Помнік Тарасу Шаўчэнку, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Парк Тараса Шевченко, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Парк Тараса Шаўчэнкі, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Парк Тараса Шевченко, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Парк Тараса Шаўчэнкі, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Паўторна гучыць сірэна паветранай трывогі, але на наведнікаў парку яна ніяк не ўплывае: людзі прагульваюцца сем’ямі, з дзецьмі. Вось даволі сталая пара танчыць, запісваючы відэа для Ціктока. Я прысеў непадалёк на лаву.

— Вы добрае месца выбралі, тут цень і ветрык, не так спякотна — усміхаецца мне супрацоўніца камунальнай службы Наталля і наракае на спёку. — Калі не ворагі, дык надвор’е нас даб’е.

Парк Тараса Шевченко, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Парк Тараса Шаўчэнкі, Харкаў, ліпень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Наталля кажа, што любіць сваю працу, атрымлівае задавальненне ад таго, што робіць родны горад прыгажэйшым нават у такія часы. Прыбіраць пасля абстрэлаў, адзначае жанчына, яе клікалі толькі ў 2022 годзе.

— Ох, тады страшна было. Не так за сябе: прыляціць — дык прыляціць, але за горад. Мы зграбалі цэлыя кучы смецця, бітага шкла, аскепкаў, і здавалася, што гэта бясконца, — Наталля ледзь стрымлівае слёзы. — Нас выклікалі ўжо тады, калі ратавальнікі папрацавалі, целаў не было. Па крыві было зразумела: вось тут, тут былі людзі забітыя. Але ж мы гэта вытрывалі, цяпер значна лепш. І я веру, што ўжо зусім хутка забудзем пра ўсё як пра страшны сон.

«Жывём неяк, наперакор усяму. Раніцай прачнуліся — ужо добра»

Вітрыны многіх крамаў на вуліцах Харкава закладзеныя лістамі фанеры. На іх можна пабачыць і розныя малюнкі, і цэлыя вершы ўкраінскіх класікаў, і проста наспех нанесеныя патрыятычныя графіці.

Зайшоўшы ў фларыстычную краму, адчуваю выразны пах свежых кветак і чую смех маладых прадавачак. Цяперашнія абстэлы можна нават не ўлічваць, смяюцца дзяўчаты, наракаючы на абстаноўку ў горадзе пару месяцаў таму.

— Усю вясну чакалі паўторнага наступу. Тады ж яшчэ была забарона Захаду біць па тэрыторыі Расіі, адпаведна, ля самай мяжы стаяла іх устаноўка С-300 і х**чылі па горадзе цэлымі днямі, — расказвае адна з фларыстак. — Тады ішла на працу і думала: здохну сёння ці не. А цяпер увогуле стабільнасць.

Мария, Харьков, 2024 год. Фото: личный архив героини
Марыя, Харкаў, 2024. Фота: асабісты архіў гераіні

— Горад жыве, у цэлым усё нармальна! — з усмешкай адкладае кветкі другая фларыстка, Марыя. — Установы працуюць, на курорт ездзім у Бязлюдаўку — гэта нашыя Мальдывы, праспектам літаральна паўгадзіны ад цэнтра. І ў горадзе шмат чаго працуе, і паркаў у нас шмат класных ёсць, можна пагуляць. Людзей поўна, заторы ўдзень у горадзе. Ёсць надзея, што ўсё будзе добра. Ну, можа, там тую мірную дамову падпішуць. Ужо стаміліся крыху ўсе, тры гады жывуць у страху.

— Вось ты тут пра дамову, а потым табе СБУ: «Здрасце, і нам раскажыце пра мірную дамову…» — жартуе калега дзяўчыны.

— Ну, гэта кепска, вядома: чаго мы павінныя аддаваць свае тэрыторыі, — працягвае Марыя. — Але, груба кажучы, на Данбасе там такія ўжо пазаставаліся, якія з галавою трошкі не сябруюць. Бо адэкватныя людзі даўно павыязджалі. Можа, так і лепей будзе, меней жыццяў страцім, бо вайскоўцаў шмат памірае…

Здание, поврежденное российской ракетой, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Будынак, пашкоджаны расійскай ракетай, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Здание, поврежденное российской ракетой, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Будынак, пашкоджаны расійскай ракетай, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Але далёка не ва ўсіх настрой пазітыўны. Непадалёк ад кветкавай крамы — вельмі моцна пашкоджаны будынак, які трымаецца на добрым слове. Выбіваецца першы паверх: абсалютна цэлая вітрына «Оптыкі».

— Гэта вам пашанцавала ці давялося аднаўляць? — пытаю ў мужчыны гадоў 45 за касай.

— Не, не хачу. Не крыўдуйце, гэта цяжка, не хачу размаўляць, не хачу ўспамінаць, усе і так усё ведаюць. Не хачу зацыклівацца, хочацца, наадварот, ад гэтага ўсяго трохі абстрагавацца, — эмацыйна кажа ён.

Але крыху супакоіўшыся, каротка расказвае, што год таму акурат у гэты будынак прыляцела ракета, і краму давялося аднаўляць практычна з нуля. Мужчына прызнаецца, што асноўная матывацыя — дапамагаць вайскоўцам, для іх акуляры робяць бясплатна.

— Жывём неяк, наперакор усяму. Раніцай прачнуліся — ужо добра. Многія людзі стараюцца пераехаць у нейкі бяспечнейшы раён, але ж насамрэч бяспечнага няма нідзе, — кажа касір.

«Такое адчуванне, што ніколі гэта не скончыцца»

Я тым часам спяшаюся на цэнтральны рынак, каб заспець апошнія хвіліны яго працы. Большасць пунктаў ужо закрылася, але ля ўваходу чакаюць апошніх пакупнікоў прылаўкі з адзеннем.

Центральный рынок, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Цэнтральны рынак, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Центральный рынок, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Цэнтральны рынак, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Анастасія прадае сланцы і лёгкі абутак. Гутарка з жанчынай спачатку не заладзілася.

— Я не разумею, што вы гаворыце, — рэагуе яна, калі я пытаю па-ўкраінску. Анастасія адзначае, што ў Харкаве людзі гавораць «па-свойму», скардзіцца, што яе дзеці цяжка разумеюць школьную праграму на ўкраінскай мове. Пра сітуацыю ў горадзе жанчына кажа суха: прывыклі.

— Вядома, на рынку цяпер менш людзей, усе на лецішчы, на моры, адны мы тут як лохі сядзім. Людзей менш, але жыць можна. Палова таго, што вы чытаеце ў навінах пра Харкаў — гэта ўсё лухта, — настойвае Анастасія. — Пішуць шмат брыдоты і хлусні. Вядома, у Кіеве ў вас спакайней, папрасцей. Але і ў нас жыццё працягваецца. Святло цяпер выключаюць на тры гадзіны на дзень, шмат дзе ў цэнтры краіны з гэтым горш. Вада ёсць заўсёды. Нармальна.

Разважаючы пра заканчэнне вайны, жанчына цяжка ўздыхае:

— Такое адчуванне, што ніколі гэта не скончыцца. Трэба садзіцца за стол перамоваў, ваенным шляхам мы ніколі гэта не вырашым. А колькі людзей страцілі, колькі жыццяў. Вось вы баіцеся хадзіць вуліцамі? Здаецца, гэта толькі ў нас такі жах, — скардзіцца суразмоўніца на актыўную працу ТЦК. — У нас бацька з дзіцем нават не можа выйсці — адразу хапаюць. Я лічу, гэта ненармальна. Хто хоча, той добраахвотна прыйдзе, а хто не хоча, ну навошта вось так… Нехта на гэтым зарабляе грошы, а нехта мае пакідаць дзяцей без бацькі. Нічога, прарвемся. Усё жыццё ж жылі нармальна, і рускія да нас прыязджалі, куплялі, і жылі неяк паціху. Хочацца міру і спакою. Усім хочацца.

У гэты момант недзе непадалёк раздаецца даволі моцны выбух.

— Ой, гэта вы да нас прывезлі, мабыць, да гэтага цэлы дзень спакойна было, — напаўжартам кажа жанчына і пачынае складаць тавар з прылаўка ў кантэйнер.

Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Улицы Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вуліцы Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

«Калі вораг адчуе, што ён слабейшы, тады толькі супакоіцца»

Адзін з неад’емных аспектаў жыцця Харкава апошніх гадоў — актыўны валанцёрскі рух. Менавіта ў Харкаве базуюцца многія ініцыятывы, якія дапамагаюць выжываць людзям у прыфрантавых раёнах.

Яна — адна з заснавальнікаў «Хаб.Вакзал», што аказвае гуманітарную дапамогу жыхарам Харкава і вобласці, — тлумачыць надзвычайную важнасць працы мясцовых валанцёраў і актывістаў:

— Рэч у тым, што практычна ўсе міжнародныя арганізацыі, якія дапамагаюць Украіне, маюць вельмі жорсткія пратаколы бяспекі і катэгарычна не могуць працаваць бліжэй чым 25−30 км да лініі фронту. А гэта акурат тыя месцы, дзе дапамога надзвычай патрэбная! Людзям там вельмі цяжка. На гэтых тэрыторыях няма працы, адпаведна, няма ніякага прыбытку. Нават калі чалавек атрымлівае нейкую базавую дапамогу, яе ўсё роўна не хапае для нармальнага жыцця. Вядома ж, людзям хочацца і салодкага дзіцяці купіць, і паесці таго, да чаго прывыклі, а не толькі кашы і тушонкі. Ну і плюс абстрэлы з боку ворага. Гэта пастаянная небяспека, перманентны стрэс.

Центр Харькова, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Цэнтр Харкава, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Сама Яна нарадзілася і жыла ў Харкаве. Да поўнамаштабнай вайны таксама займалася грамадскай дзейнасцю: арганізоўвала фестывалі, сацыяльныя праекты, звязаныя са спортам і здароўем. Пасля ўварвання дзяўчына разам з аднадумцамі заснавала валанцёрскі «Хаб.Вакзал», каб дапамагаць вырашаць лагістычныя праблемы: у першыя месяцы вайны быў поўны калапс. Потым дзейнасць пашырылася, цяпер валанцёры пастаянна ездзяць па населенных пунктах ля самага фронту, дазнаюцца пра патрэбы мясцовых, знаходзяць неабходнае і прывозяць людзям.

— Я не баюся падчас такіх паездак, бо… Нават не ведаю чаму. Проста няма страху, хоць разумею ўзровень небяспекі, — тлумачыць дзяўчына. — Мабыць, ёсць пэўныя задачы ў галаве, дакладнае разуменне, што ты маеш зрабіць сёння, каб заўтра людзям было лепей, каб нашая каманда зрабіла больш. І, мабыць, яно прэвалюе над страхам. Хутчэй за ўсё, так. У мяне няма часу баяцца. Я нават не думаю пра тое, калі пачнецца абстрэл.

Жывучы ў Харкаве, Яна чуе лінію фронту, выбухі. І кожны раз спадзяецца, што гэта УСУ адцясняюць расійскіх салдат.

— Я вельмі шмат думала пра заканчэнне вайны, магчымыя перамовы ці нешта яшчэ, аналізавала, — разважае жанчына. — Для сябе сфармулявала такую думку: было ж вельмі шмат намаганняў дамовіцца да 2022 года. І Мінскія дамоўленасці, і Будапешцкі мемарандум, і шмат іншага. Безліч крокаў з нашага боку рабілася, і ядзерную зброю Украіна аддала, каб вайны не было. Але гэта не дапамагло. Усё адно краіна-агрэсар квапіцца на нашую тэрыторыю. Яны чамусьці думаюць, што могуць вырашаць, што нам рабіць, уступаць у ЕС ці не, куды рухацца. Таму я не думаю, што ёсць сэнс дамаўляцца з агрэсарам. Думаючы, што яны моцныя, яны павінныя адчуць сілу ў дачыненні да сябе. Калі вораг адчуе, што ён слабейшы, тады толькі супакоіцца.

​​​​​​​Вечерняя атмосфера в городе, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вечаровая атмасфера ў горадзе, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
​​​​​​​Вечерняя атмосфера в городе, Харьков, июль 2024 года. Фото: Алесь Минов, «Зеркало»
Вечаровая атмасфера ў горадзе, Харкаў, ліпень 2024. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

З надыходам вечара людзей у Харкаве не становіцца менш. У цэнтры ля бараў збіраюцца даволі вялікія кампаніі, гучыць музыка. Але гэта ненадоўга: а 23-й пачнецца каменданцкая гадзіна. Таму незадоўга да гэтага часу ўсе ўстановы заканчваюць працу, а людзі пакрысе разбрыдаюцца па дамах.

На вакзале ўжо поўны перон. Людзі, як і я сам, прыйшлі загадзя на начны цягнік, бо пасля адзінаццатай дабрацца да вакзала не атрымаецца.

Ужо ў цягніку чую, як лаецца мужчына, гледзячы ў тэлефон:

— Як жа яны за*балі!

І бачу ўжо на сваім экране паведамленні з тэлеграм-каналаў: «Выбухі ў Харкаве».