Маштабны крадзеж грошай адбываўся ў Драгічынскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС цягам амаль дзесяці гадоў. Дзве супрацоўніцы бухгалтэрыі абкрадалі арганізацыю, выкарыстоўваючы розныя схемы. Агульная сума шкоды склала больш за чвэрць мільёна рублёў. У красавіку 2024 года жанчыны паўсталі перад судом, і пра гэта нават далі справаздачу Генпракуратура і дзяржСМІ — вось толькі ніхто не расказаў, што крадзеж здарыўся ў дзяржаўнай сілавой структуры. Больш за тое, абвінавачаныя ў выніку нават не панеслі рэальнага пакарання. «Люстэрка» знайшло прысуд суда ў банку судовых рашэнняў. Расказваем дэталі справы, якая магла б быць гучнай, калі б яе не замялі пад дыван.
«Лішняя» зарплата
На лаве падсудных мінулай зімой аказаліся галоўная бухгалтарка Драгічынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Зоя і бухгалтарка першай катэгорыі Вера (імёны выдуманыя). Зоя працавала на пасадзе з 2002 года, а Вера — з 2009-га. Абедзве жанчыны лічыліся дасведчанымі спецыялісткамі і карысталіся даверам кіраўніцтва. Іншых бухгалтараў у аддзяленні не было.
Паводле матэрыялаў суда, першай злачынны шлях у лютым 2013 года абрала Зоя. У яе ўзніклі фінансавыя цяжкасці праз хваробу бацькоў, зарплата мужа была невялікай. Тады галоўная бухгалтарка вырашыла скарыстацца службовым становішчам і пачала налічваць сабе на картку больш грошай, чым зарабляла.
Для гэтага Зоя падавала начальніку на подпіс ведамасці з правільнымі лічбамі заробкаў, камандзіровачных і іншых выплат згодна з разліковым лістом. А потым перадавала ў банк фальшывыя звесткі, завышаючы зарплату ў ведамасцях.
Ужо праз месяц да схемы была падключаная і Вера, якая часам замяняла Зою і мела доступ да большасці праграм, а значыць, магла выявіць махінацыі. Каб калега не выдала падману начальству, Зоя пачала пераводзіць і ёй «павялічаны» заробак. Вера, разведзеная маці траіх дзяцей, моўчкі прымала дадатковыя сумы. Паводле жанчын, яны нават не абмяркоўвалі гэта паміж сабой — проста зразумелі адна адну і быццам заключылі «маўклівае пагадненне», што нікому нічога не раскажуць.
Аплатныя даручэнні галоўная бухгалтарка падпісвала сама электронным лічбавым подпісам, якім карысталася толькі яна. У начальніка аддзялення ніякіх пытанняў што да налічэння грошай работнікам ніколі не ўзнікала.
Схема працавала да студзеня 2022 года. За гэты час некалькі разоў праводзіліся праверкі працы бухгалтэрыі, але так склалася, што менавіта налічэнне заробкаў ніхто не правяраў.
За дзевяць гадоў Зоя незаконна перавяла сабе амаль 67 тысяч рублёў заробку і «іншых выплат». На рахункі Веры пайшло амаль 45 тысяч рублёў. У дадатак у 2019−2021 гадах Зоя налічыла 1002 рублі «лішніх» камандзіровачных сабе і 983 рублі — Веры.
У выніку дзве бухгалтаркі скралі непасрэдна ў Дэпартамента аховы 113,6 тысячы рублёў.
Прадукты, прасціны, сервізы
У 2016 годзе бухгалтаркі прыдумалі яшчэ адну прыбытковую схему.
Драгічынскае аддзяленне Дэпартамента аховы мела дэбіторскую пазычанасць у раённым жылкамгасе і райспажыўтаварыстве: яно аказвала ім паслугі па ахове, а тыя не былі ў стане цалкам расплаціцца грашыма. Доўг у выніку пагашаўся таварамі.
Гэта працавала так: крамы райпо і жылкамгаса выдавалі дэпартаменту розныя тавары, а той праводзіў іх па бухгалтарскім уліку і залічваў у кошт пагашэння пазычанасці. Нейкія рэчы выкарыстоўваліся аддзяленнем у працы, нейкія прызначаліся для рамонту падраздзялення, а іншыя раздаваліся супрацоўнікам — але не бясплатна, а ў кошт зарплаты (то-бок дэбет зводзіўся з крэдытам за кошт работнікаў). Каб непатрэбнае не залежвалася на складах, аддзяленні Дэпартамента аховы розных раёнаў абменьваліся паміж сабой лішкамі такіх рэчаў. Так, напрыклад, Драгічын аддаваў калегам у Іванава пасцельную бялізну, а адтуль атрымліваў курыныя яйкі.
Улікам гэтых тавараў, як і іншых матэрыяльных каштоўнасцяў, займаліся бухгалтары: яны прымалі іх на баланс, перадавалі работнікам, спісвалі, праводзілі зверку рэшткаў на складзе. Дакладней, у пакоі праз сценку ад свайго кабінета — менавіта там захоўвалася большасць рэчаў.
Яны ж і атрымлівалі тавары непасрэдна ў жылкамгасе, райпо і іх крамах. Для гэтага начальства аформіла на іх даверанасці. Зоя і Вера хадзілі па тавар самі або адпраўлялі іншых супрацоўнікаў, якія нічога не ведалі пра схему. Бывала, тыя нават насілі пакеты прадуктаў галоўнай бухгалтарцы проста дадому. Больш за тое, Вера яшчэ і навучыла сям’ю, што можна хадзіць у адну з крамаў райспажыўтаварыства і браць там усё, што трэба, без грошай, запісваючы на яе імя, — маўляў, яна потым разлічыцца.
Усяго бухгалтаркі за шэсць гадоў прынялі ад арганізацый у кошт доўгу тавары на 412 тысяч рублёў — «прадукты, бытавую тэхніку, электратэхнічныя тавары, адзенне, абутак, посуд, санітарна-бытавыя і канцылярскія прыналежнасці, будаўнічыя матэрыялы, абсталяванне, прадметы дэкору» і гэтак далей.
Сярод тавараў, якімі райпо расплачвалася за ахову, былі рондалі, патэльні, сервізы, лямпачкі, шпалеры, абрусы, панэлі ПВХ, дыванкі, прасціны, ручнікі, гумовыя боты, тэрмасы, сродкі для мыцця падлогі, бялізна, кухонныя камбайны, камбікорм, шкарпэткі, шкло, цукеркі і мноства іншых рэчаў. А вось ад жылкамгаса прымаліся саджанцы і… пахавальныя прыналежнасці. Таксама швачкі ЖКГ у кошт доўгу шылі для супрацоўнікаў Дэпартамента аховы пасцельную бялізну.
Спісаць любой цаной
Далей пачыналася самае цікавае. Частку тавараў (на 81,7 тысячы рублёў) Вера і Зоя папросту не ставілі на ўлік і не праводзілі па рахунках, а прысвойвалі. Каб схаваць махінацыі, бухгалтаркі стваралі бачнасць таго, што дэбіторская пазычанасць пагашаецца.
Для гэтага яны спісвалі сродкі па іншых субрахунках у рамках пазыковага рахунку — на аплату камунальных паслуг, транспарту, матэрыялаў і іншых надзённых выдаткаў. У агульным балансе выглядада так, быццам патрэбную суму доўгу ЖКГ і райспажыўтаварыства вярталі (хоць не заўсёды — лічбы, бывала, не сыходзіліся, але Зоя ўсё роўна падпісвала акты зверкі пазычанасці).
Яшчэ частку тавараў на 17,5 тысячы рублёў спісалі як нібыта выдадзеныя работнікам у кошт заробку. Большасць з іх потым на судзе расказала, што атрымала альбо толькі частка рэчаў, пазначаных у накладных на іх імя, альбо наогул нічога. Тавары спісвалі нават на імя начальніка аддзялення.
«Ён у кошт заробку таксама атрымліваў таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, пры гэтым ён не атрымаў лямпу, два пыласосы, джэмпер, жакет, туфлі, падгузнікі, шафу, паўчаравікі, адзначаныя ў ягонай картцы», — перададзеныя ў дакуменце паказанні начальніка.
Усяго Вера і Зоя прысвоілі тавараў і прадуктаў на суму 99,3 тысячы рублёў. Некаторыя яны забіралі сабе, а астатнія прадавалі, у тым ліку сваякам і нават калегам проста на працы за наяўныя грошы. Ім яны казалі, што ўзялі тавар у кошт заробку, а ім самім ён не патрэбны.
Акрамя таго, аддзяленне ў кошт даўгоў атрымлівала ад крамаў жылкамгаса і райспажыўтаварыства грашовыя сертыфікаты на закупку тавараў у іх. За шэсць гадоў было выпісана сертыфікатаў на 194 тысячы рублёў. Бухгалтары прысвоілі чвэрць з іх — на 44 тысячы. Іх таксама афармлялі ва ўліку па няправільных рахунках, сумы спісвалі на выдаткі і нібыта аплату паслуг. А ваўчары жанчыны потым выкарыстоўвалі як хацелі.
Такім чынам, дзве бухгалтаркі сумарна скралі тавараў і сертыфікатаў на суму больш чым 143 тысячы рублёў.
Як раскрылі афёру
Махінацыі ўскрыліся выпадкова ў пачатку 2022 года. У 2021-м у Зоі цяжка захварэў муж, у лютым 2022-га ён памёр. Менавіта тады жанчына — магчыма, зведаўшы згрызоты сумлення — сама паведаміла начальству пра незаконныя пераводы сабе зарплаты. Але агучыла толькі суму 2200 рублёў у 2020−2021 гадах. Яна спасылалася на матэрыяльныя цяжкасці ў сувязі з хваробай мужа.
У траўні абедзве жанчыны былі звольненыя, але без шуму і скандалу — па пагадненні бакоў. Вера засталася ў Драгічыне і выйшла на пенсію. А вось Зоя з’ехала ў Брэст і нават уладкавалася працаваць на «Санта Імпэкс» (прыватны холдынг, які належыць буйному бізнесоўцу Аляксандру Машэнскаму). Падобна, экс-бухгалтаркі разлічвалі, што на гэтым усё супакоіцца.
Аднак на іх месца ў Дэпартамент аховы прыйшлі іншыя спецыялісты, якія пачалі разбірацца з дакументамі і выявілі мноства разыходжанняў на рахунках, адсутнасць актаў зверкі дэбіторскай пазычанасці і гэтак далей.
Тады пачалася сур’ёзная праверка, у аддзяленне прыехала рэвізійная камісія са спецыялістамі абласнога ўпраўлення. Спачатку зверылі налічэнне заробкаў за апошнія тры гады — убачыўшы лішнія 7−15 тысяч штогод, пачалі капаць далей і дайшлі да пачатку схемы ў 2013 годзе. Так было даказана, што крадзяжы былі значна маштабнейшыя, чым раней казалі бухгалтаркі.
Праслухоўка і паліграф
У верасні 2022 года абедзвюх жанчын затрымалі і ненадоўга змясцілі ў камеру ІЧУ (потым адпусцілі). Як вынікае з дакументаў суда, у камеры іх размовы праслухоўвалі (а магчыма, не толькі там).
Пасядзеўшы ў ІЧУ, Вера на допыце спачатку адмаўляла сваю віну, запэўнівала, што яна нічога не ведала пра «лішні» заробак і не спраўджвала, колькі грошай ёй прыходзіць, — даведалася, маўляў, ад Зоі толькі ў 2022-м. Аднак пазней жанчына ва ўсім прызналася і таксама расказала, што яны з калегай кралі не толькі грошы, але і тавары.
Спярша яна казала, што частку грошай ад продажу тавараў яны пускалі на патрэбы аддзялення, «прыём кантралёраў і падарункі ім». Аднак пасля прызналася, што гэта было хлуснёй і ўсе грошы яны прысвойвалі. Дарэчы, начальнік аддзялення на судзе адмаўляў практыку падарункаў кантралёрам.
Падчас ператрусаў у абвінавачаных і названых імі пакупнікоў амаль нічога з выкрадзеных рэчаў не знайшлі — большая частка была ўжо выкарыстаная або прададзеная. Толькі ў сястры Зоі канфіскавалі кухонны набор (абрус і ручнікі) і камплект пасцельнай бялізны.
Сярод іншага да справы былі далучаныя вынікі допыту жанчын на паліграфе і нават іх перапіска з адвакатамі. Аднак суд пасля прызнаў і тое, і тое недапушчальнымі па законе доказамі.
Асабліва буйная змова
Агульная сума шкоды ад «дадатковых» заробкаў і скрадзеных тавараў і сертыфікатаў склала 257 тысяч рублёў — гэта больш за 8000 базавых велічынь, у той час як «асабліва буйным памерам» лічыцца крадзеж на суму больш чым 1000 базавых.
Следства з усімі фінансавымі праверкамі доўжылася больш за год. За выключэннем трох дзён у верасні 2022 года жанчыны знаходзіліся на волі. Толькі ў перыяд пачатку суда іх змясцілі пад хатні арышт, дзе яны прабылі каля чатырох месяцаў.
На судзе абедзве жанчыны цалкам прызналі віну. Зоя расказала, што пачала красці праз фінансавыя праблемы ў сувязі з хваробай блізкіх. Вера казала, што ў пытанні грошай проста маўкліва згаджалася з дзеяннямі начальніцы, а вось прысвойваць тавары было ўжо іх сумеснай ідэяй.
Былі дапытаныя начальнік Драгічынскага аддзялення Дэпартамента аховы і мноства супрацоўнікаў, дзясяткі прадаўцоў і іншых работнікаў жылкамгаса і райспажыўтаварыства. Нягледзячы на тое, што многія далі паказанні, якія пацвярджаюць абвінавачанне, калегі адклікаліся пра бухгалтарак добра. Ніхто не сказаў, што ведаў пра махінацыі.
Суд прызнаў Зою вінаватай у завалодванні маёмасцю службовай асобай шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры, групай асобаў па папярэдняй змове (ч. 4 арт. 210 КК) і ў паўторным крадзяжы па гэтым жа пункце артыкула. Ён прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Веру прызналі вінаватай у дапамаганні крадзяжу сродкаў і ў завалодванні маёмасцю паўторна ў асабліва буйным памеры па змове групай асобаў — усё па тым жа артыкуле.
Нерэальны тэрмін
Аднак былым супрацоўніцам Дэпартамента аховы, можна сказаць, пашанцавала. Суд максімальна залічыў ім змякчальныя абставіны: яўку з павіннай, раскаянне, спрыянне следству, «выкрыццё іншых удзельнікаў злачынства», удзел у вышуку скрадзенай маёмасці. Больш за тое, нягледзячы на гіганцкую суму шкоды — чвэрць мільёна рублёў, — жанчыны цалкам кампенсавалі яе за час суда.
Таксама былі ўлічаныя іх станоўчыя характарыстыкі, адсутнасць ранейшых судзімасцяў, наяўнасць сталай працы ў Зоі і тое, што Вера ўжо на пенсіі.
У выніку абедзвюм махінатаркам наогул не сталі прызначаць рэальныя тэрміны. Іх асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады — калі за гэты тэрмін яны не зробяць новага злачынства, то ўжо не адправяцца ў калонію. Цягам гэтых трох гадоў жанчынам нельга пераязджаць без дазволу міліцыі, з’язджаць больш чым на месяц, яны павінныя кожныя два тыдні адзначацца ў інспекцыі.
Акрамя таго, Зою абавязалі выплаціць штраф памерам 16 000 рублёў, Веру — 12 000. Нарэшце, жанчынам забаранілі на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
«Прадпрыемства»
Пра гэты прысуд, вынесены ў пачатку красавіка 2024 года, паведамляла Генпракуратура і некаторыя дзяржаўныя і мясцовыя СМІ.
Аднак у пракурорскім публічным прэс-рэлізе не было ні слова пра тое, дзе насамрэч адбыўся крадзеж, пра тое, што амаль дзесяць гадоў запар супрацоўніцы дзяржаўнай сілавой структуры амаль непрыкрыта кралі грошы пад носам у начальства, іх ні разу ніхто не пракантраляваў, што дало жанчынам магчымасць скрасці чвэрць мільёна рублёў.
Замест Дэпартамента аховы МУС у тэксце ад пракуратуры, а следам і ў тэкстах дзяржвыданняў сціпла было напісана проста «прадпрыемства» або «арганізацыя».
«Абвінавачаная, працуючы на пасадзе галоўнага бухгалтара, пры дапамаганні бухгалтара гэтай жа арганізацыі з лютага 2013 года да студзеня 2022 года завалодала грашыма і таварамі прадпрыемства ў асабліва значнай суме», — гаварылася ў прэс-рэлізе.
У выніку навіна тады прайшла практычна незаўважанай.
Чытайце таксама